Ці стане гэты год Годам адзінства?



Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў патлумачыў, чаму ў гэтым годзе не будзе кампрамісу паміж грамадствам і рэжымам.

Нагадаем, што 2021 год абвешчаны ў Беларусі Годам народнага адзінства. Ці ўбачым мы гэтае самае адзінства?

Ігар Барысаў: У маім разуменні адзінства – гэта калі людзі адзін аднаго паважаюць. І ні пра якае адзінства не можа ісці размовы, калі нехта спрабуе дамініраваць над іншым. А ў нашым выпадку мы бачым нават не дамініраванне, а падаўленне тых, “хто не з намі”.

Падаўленне праз дручкі, розныя заканадаўчыя ініцыятывы, пагрозы, застрашэнні, закрыццё межаў і гэдак далей. Таму гэты год лепш бы назвалі “Годам падаўлення іншадумства”. Так было б больш правільна.

РР: Можа быць, рэжым і хацеў бы аб’яднаць грамадства падчас палітычнага крызісу?

Ігар Барысаў: Думаю, яны добра бачаць той расклад, што склаўся ў грамадстве, і зараз насамрэч ёсць запыт на выхад з палітычнага крызісу. Іншая справа, што рэжым па-свойму ўсё абгрунтоўвае і шукае выйсце. Маўляў, давайце аб’яднаемся тымі сіламі, якія падтрымліваюць гэты рэжым, а тых, хто сюды не ўпісваецца, трэба аб’явіць ворагамі.

Таму яны сёння хайпуюць на рэальнай праблеме, якае існуе ў краіне, аднак не спрабуюць яе вырашыць. Стараюцца надаць ёй ідэалагічную афарбоўку.

РР: Але ж рэжым, відаць, добра ведае свой рэальны рэйтынг народнай падтрымкі…

Ігар Барысаў: Спадзяюся, што цудоўна ведаюць, бо ў адваротным выпадку яны і насамрэч жылі б у ілюзіях. Тыя афіцыйныя лічбы, які былі агучаны ў апошнюю выбарчую кампанію, далёка не адпавядаюць рэаліям. Лукашэнка сказаў, што ў краіне ўсяго 500 тысяч тых, хто незадаволены рэжымам. Хаця толькі на мітынг у Менску выходзіла столькі ж. І гэта толькі самыя актыўныя.

Таму аб’явіць 2021-ы год Годам адзінства, безумоўна, можна, але не думаю, што мэта будзе дасягнута. Спачатку патрэбны свабодныя выбары, амністыя ўсіх палітвязняў, і толькі затым можна ўжо казаць пра нейкае адзінства.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Наша Ніва