Ці ёсць карысць ад новых грамадзянскіх кампаній?



Палітолаг Сяргей Нікалюк пракаментаваў ініцыятыву дэпутата Ганны Канапацкай па стварэнні новай палітычнай сілы.

Як вядома дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая абвясціла аб стварэнні новай палітычнай сілы – рэспубліканскай грамадзянскай кампаніі “Наперад, Беларусь!” У заяве Канапацкай сказана, што “на першым этапе каманда прыме актыўны ўдзел у мясцовых выбарах”, а “наперадзе складаныя і цікавыя 2019-20120 гады, калі пройдуць чарговыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары”.

Сяргей Нікалюк: Заяўляць можна шмат якія ініцыятывы, але ўсё будзе залежыць ад таго, што Канапацкая рэальна будзе рабіць. Наша галоўная праблема – гэта нізкі ўзровень сацыяльнага капітала ў грамадстве. Сацыяльны капітал – гэта тое, што паказвае здольнасць людзей да супрацоўніцтва. Таму любая сумесная справа (калі людзі аб’ядноўваюцца не на спонсарскія грошы, а па ўласнай ініцыятыве) – гэта добра. І не важна, чым яны будуць займацца. Альбо дапамагаць пенсіянерам, альбо змагаюцца на выбарах… Але чаму, напрыклад, народ у нас не збіраецца на шматлікія мітынгі? Таму што мітынг – гэта таксама сумесная справа. Чаму слабыя партыі? Не трэба думаць, што ўся справа ў лідарах, якія праводзяць не тую палітыку. Проста ў нас няма вопыта сумеснай дзейнасці. Я не бяру ў разлік, калі нейкія людзі збіраюцца сваім вузкім колам па інтарэсах. Таму галоўная сацыяльная праблема – падтрымка людзей. Ці атрымае Канапацкая такую падтрымку? Вось у чым пытанне. 

РР: Дэпутат пакуль толькі абвясціла аб сваіх намерах, але крытыкі ў свой адрас атрымала ўжо дастаткова шмат…

Сяргей Нікалюк: А каго ў нас не крытыкуюць? Займіцеся вы нейкай канкрэтнай справай – і атрымаеце тое самае. Вас не будуць крытыкаваць толькі ў тым выпадку, калі зусім нічога не будзеце рабіць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Новы Час