Ціханоўская: 3 ліпеня асацыюецца з вызваленнем, але ці адчуваем мы сябе свабоднымі?



 „3 ліпеня для ўсіх нас асацыюецца з вызваленнем, але ці адчуваем мы, беларусы, сябе свабоднымі?” — з такім пытаннем звярнулася да суграмадзян прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Святлана Ціханоўская ў кароткім (45 секунд) відэавіншаванні з Днём незалежнасці.

„Я прашу кожнага для сябе адказаць на гэтае пытанне сумленна”, — заклікала Ціханоўская.

„Асабіста для мяне, — працягнула яна, — сённяшняе паняцце свабоды — гэта мой боль. Але напэўна гэта не толькі мой боль, але і ваш. Я мару і жадаю вам, што аднойчы мы ў поўнай меры зможам усвядоміць праўдзівы сэнс паняцця „свабода”.

Ціханоўская сабрала больш за 100 тыс. подпісаў за сваё вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты і падала ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю ў гэтай якасці. Яна балатуецца замест свайго мужа, вядомага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, які ў перыяд, вызначаны для падачы ў ЦВК дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў, адбываў адміністрацыйны арышт, а цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ як фігурант крымінальнай справы, распачатай на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).

belapan.by

Фота 6tv.by