Ціханоўская абмеркавала сітуацыю ў Беларусі з новым міністрам замежных спраў Эстоніі



Сітуацыя ў Беларусі абмеркаваная ў тэлефоннай размове Святланы Ціханоўскай з новым міністрам замежных спраў Эстоніі Эвай-Марыяй Лійметс.

Падчас гутаркі экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі паведаміла, у прыватнасці, пра затрыманне юрыста Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алега Граблеўскага і ўзяцце пад хатні арышт дырэктара ўстановы Сяргея Драздоўскага.

„Юрыст Алег Граблеўскі быў затрыманы і дастаўлены на Акрэсціна, а дырэктар Сяргей Драздоўскі, які перасоўваецца на інваліднай калясцы, правёў 7 гадзін без руху ў Следчым камітэце. Гэта сапраўднае катаванне для чалавека”, — падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы.

Ціханоўская таксама нагадала, што ў Беларусі ўжо 226 чалавек прызнаныя палітвязнямі, у дачыненні да прыхільнікаў перамен заведзена больш за тысячу крымінальных спраў. „Гэтыя лікі растуць — рэжым спрабуе запалохаць народ тэрорам. Суды прыгаворваюць людзей да гадоў зняволення па надуманых прычынах”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым, падкрэсліла Ціханоўская, беларусы не здаюцца. „Рэжым адказвае вельмі жорстка, але воля народа не аслабла”, — сказала яна і адзначыла, што важна працягваць націск на рэжым як унутры Беларусі, так і за яе межамі.

Кіраўнік МЗС Эстоніі запэўніла, што яе краіна будзе працягваць падтрымку беларусаў для аднаўлення вяршэнства права і правядзення новых сумленных выбараў. Эстонія працягне лабіраваць увядзенне больш жорсткіх санкцый і ўзмацняць націск для неадкладнага вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі.

Таксама Эстонія далучыцца да міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю, які па ініцыятыве Ціханоўскай пройдзе 7 лютага.

belapan.by