Ціханоўская атрымала запрашэнне прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ўзяць удзел у Саміце за дэмакратыю



На Саміт запрошаныя кіраўнікі 110 дзяржаў, большасць з якіх – дэмакратычныя. Не запрошаны шэраг краін, сярод якіх Расея, Кітай, Турцыя, Казахстан, Паўночная Карэя і Венесуэла.

Як перадае прэс-служба палітыка, Святлана Ціханоўская як прадстаўніца беларусаў 10 снежня выступіць у рамках секцыі «Умацаванне дэмакратыі і супрацьдзеянне аўтарытарызму». На прыкладзе крызіса ў Беларусі яна звернецца да тэмы важнасці выбараў і іншых дэмакратычных інстытутаў, як грамадствы могуць супрацьстаяць аўтарытарызму і што неабходна рабіць для супрацьдзеяння дэзынфармацыі.

Першы Саміт за дэмакратыю пройдзе ў анлайне. Чакаецца, што ў 2022 годзе Саміт збярэ сусветных лідараў у Злучаных Штатах і стане рэгулярнай падзеяй. Акрамя абмеркавання стану дэмакратыі, кіраўнікоў дзяржаў заахвочваюць да практычных крокаў.