Ціханоўская: Беларусі не патрэбная дадатковая „абарона” з боку Расеі
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская лічыць трывожнай палітычную сітуацыю вакол Беларусі.
„Найбліжэйшым часам мы можам сутыкнуцца з неабходнасцю абараняць сваю незалежнасць. Чалавек, які дзесяцігоддзямі будаваў сабе рэпутацыю „гаранта суверэнітэту”, сам стаў прамой пагрозай суверэнітэту. І гэта цалкам на яго адказнасці”, — заявіла яна ўвечары 21 красавіка ў сваім тэлеграм-канале.
Ціханоўская мяркуе, што Беларусі не патрэбная „ніякая дадатковая „абарона” з боку Расеі”. Пры гэтым дэмакратычны лідар падкрэсліла, што беларускі народ ставіцца да гэтай краіны „вельмі цёпла і добрасуседскі”.
„Прапаную пакінуць адносіны нашых народаў менавіта такімі. Любое рашэнне, якое закранае нацыянальныя інтарэсы, не можа быць прынятае і тым больш ажыццёўленае без волі беларускага народа”, — адзначыла Ціханоўская.
22 красавіка Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у Маскве. Як паведаміла прэс-служба Лукашэнкі, на парадку дня — двухбаковыя адносіны, уключаючы прадметнае абмеркаванне гандлёва-эканамічных пытанняў, барацьба з пандэміяй COVID-19, захады па аднаўленні транспартных зносін, сумеснае рэагаванне на актуальныя выклікі і пагрозы, міжнародныя адносіны і сітуацыя ў рэгіёне. У ліку прыярытэтных названая „саюзная тэматыка”.
