Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком МЗС Грэцыі і прэм’ер-міністрам Паўночнай Македоніі



У заключны дзень трохдзённага візіту ў Афіны 14 траўня беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская правяла сустрэчы з міністрам замежных спраў Грэцыі Нікасам Дэндыясам і прэм’ер-міністрам Паўночнай Македоніі Зоранам Заевым.

Падчас сустрэчы з Дэндыясам палітык падзякавала грэчаскаму боку за „непрызнанне Лукашэнкі і адмову ўручыць яму даверчыя граматы”, паведамляе яе прэс-служба. „Міністр Дэндыяс запэўніў мяне, што ўсе краіны ЕС падтрымліваюць беларусаў у нашай барацьбе, не прызнаюць Лукашэнку прэзідэнтам. І што пытанне санкцый і ўсёабдымнага плана дапамогі будзе вырашана ў найбліжэйшы час. Мы рады, што ў нас такія саюзнікі. І будзем працягваць мабілізаваць палітычную падтрымку не толькі Еўропы, але і ўсяго свету”, — заявіла экс-кандыдат у прэзідэнты.

Таксама Ціханоўскую прыняў былы прэм’ер-міністр Грэцыі Джордж Папандрэу.

„У Папандрэу беларускія карані, яго прадзед Зыгмунт Мінейка быў удзельнікам паўстання Каліноўскага 1863 года”, — адзначылі ў прэс-службе.

Сустрэча з кіраўніком урада Паўночнай Македоніі стала першым кантактам Ціханоўскай з уладамі гэтай краіны. Яна падзякавала Зорану Заеву за „ўвядзенне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і актыўную падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі”.

Акрамя таго, сёння палітык выступіла на Дэльфійскім эканамічным форуме і заклікала міжнародную супольнасць правесці канферэнцыю высокага ўзроўню па Беларусі, а таксама дапамагчы прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у парушэнні правоў чалавека ў краіне, „спыніць гвалт і трымаць Беларусь на міжнародным парадку дня”.

Таксама Ціханоўская ўсклала кветкі да мемарыяла студэнтам, якія ў 1973 годзе адкрыта выступілі супраць улады хунты „чорных палкоўнікаў” у Грэцыі.

belapan.by

Фота з Фэйсбука Францішка Вячоркі