Ціханоўская сустрэлася з міністаркай эканомікі і інавацый Літвы



Сёння Святлана Ціханоўская правяла працоўную сустрэчу з Аўшрынэ Арманайтэ – міністаркай эканомікі і інавацый Літвы, паведамляе сайт Святланы Ціханоўскай. Святлана падзякавала за падтрымку Беларусі, дапамогу з выдачай нацыянальных віз і адкрыццё гуманітарнага калідора, а таксама за дапамогу кампаніям і прадпрыемствам, што зведалі рэпрэсіі і часова рэлакуюцца ў Літву. Ціханоўская падкрэсліла важнасць таго, каб гэтыя кампаніі змаглі працягваць сваю працу і вярнуцца ў Беларусь, як толькі з’явіцца магчымасць.

Святлана Ціханоўская сказала, што „пераезд беларускіх кампаній – вымушаны, людзі не хочуць пакідаць краіну. Яны хочуць працаваць на карысць радзімы. Але рэжым не клапоціцца пра людзей і пра працоўныя кампаніі, што пакутуюць з-за сітуацыі ў краіне.У такім выпадку бізнес аказвае дадатковы ціск на рэжым, бо падаткі кампаній сыходзяць у іншую дзяржаву».

Святлана Ціханоўская прапанавала спрасціць міграцыйныя ўмовы для беларускіх прадпрымальнікаў, студэнтаў, актывістаў, працоўных. З-за масавых рэпрэсій многія вымушаныя часова выехаць з краіны. У прыватнасці, ішла гутарка пра працаўладкаванне рэлакантаў з гуманітарнымі візамі. Таксама Святлана казала пра важнасць падтрымкі праваабарончых арганізацый, што знаходзяцца ў Літве і працуюць з Беларуссю, – як і больш за 100 беларускіх НДА і СМІ, зарэгістраваных у Літве.

Ціханоўская і Арманайтэ таксама абмеркавалі пытанне санкцый і супрацоўніцтва Літвы з беларускімі дзяржкампаніямі. Святлана Ціханоўская прапанавала пашырыць пакет індывідуальных і кропкавых эканамічных санкцый супраць рэжыму, у тым ліку, прадстаўнікоў адміністрацыі прадпрыемстваў, што ўдзельнічаюць у рэпрэсіях. Абмеркавалі і магчымасць кропкавых тарыфных санкцый супраць Беларуськалія, на якім больш за 130 чалавек працягваюць стачку нягледзячы на ​​ціск і рэпрэсіі. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што супрацоўніцтва з беларускім рэжымам цяпер недапушчальнае, і абмеркавала з міністаркай сітуацыю літоўскай кампаніі VMG, якая плануе пабудаваць у Барысаве завод па апрацоўцы драўніны.

Арманайтэ і Ціханоўская дамовіліся правесці экспертны круглы стол на тэму будучых эканамічных рэформаў у Беларусі, з улікам вопыту Літвы і балтыйскіх краін. Святлана Ціханоўская падкрэсліла важнасць працы над стратэгіяй супрацоўніцтва дзвюх краін такім чынам, каб эканамічная трансфармацыя Беларусі пасля Лукашэнкі прайшла небалюча.

Фота: tsikhanouskaya.org