Ціханоўская: Тое, што Ілья Салей дома, а не ў СІЗА — вынік мірнага націску



Мірныя пратэсты беларусаў прыносяць вынік і павінны працягвацца, лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская.

„Тое, што Ілья Салей дома, а не ў СІЗА — гэта добрая навіна. І гэта вынік нашага з вамі мірнага націску на рэжым”, — гаворыцца ў каментары, размешчаным у тэлеграм-канале Ціханоўскай.

„Мы абвясцілі Народны ультыматум, каб Лукашэнка заявіў пра свой сыход, гвалт спыніўся, а ўсе палітвязні былі вызваленыя. Давайце працягваць выказваць свае патрабаванні мірна і настойліва — гэта дае вынік. Мы спынімся, толькі калі кожны палітычны вязень выйдзе на волю, сілавікі пачнуць абараняць свой народ, а ў Беларусь вернуцца закон і сумленныя выбары”, — заявіла палітык.

„А пакуль гэтага не адбылося — мы будзем пратэставаць. Сёння на Партызанскім маршы беларусы зноў пакажуць, што такое салідарнасць. І я падтрымліваю кожнага, хто прыйдзе на гэты марш”, — адзначыла Ціханоўская.

Пра тое, што Ілья Салей, адзін з адвакатаў члена прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай, вызвалены з СІЗА КДБ і знаходзіцца дома, паведаміў напярэдадні партал tut.by. Паводле папярэдняй інфармацыі, яму змененая мера стрымання.

Салей быў затрыманы 9 верасня. Праз дзевяць дзён яму было выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). 24 верасня Мінскі гарадскі суд адмовіў у задавальненні скаргі на меру стрымання ў дачыненні да Салея.

Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем, а міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International — вязнем сумлення.

10 кастрычніка Салей быў адным з удзельнікаў гутаркі ў СІЗА КДБ Аляксандра Лукашэнкі з палітвязнямі. На наступны дзень двум удзельнікам — члену ініцыятыўнай групы былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі Юрыю Васкрасенскаму і дырэктару ІТ-кампаніі PandaDoc Дзмітрыю Рабцэвічу — была змененая мера стрымання. Васкрасенскі пасля вызвалення заявіў дзяржканалу „Беларусь 1”, што размова з Лукашэнкам была „ядзернай бомбай”, а Рабцэвіч расказаў пра намер пабудаваць кампанію ў Парку высокіх тэхналогій.

belapan.by