Ціханоўская заклікала еўрапейскіх лідараў не прызнаваць вынікі выбараў



Кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, якая цяпер знаходзіцца ў Літве, заклікала еўрапейскіх лідараў не прызнаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

„Другі тыдзень запар мой народ мірна змагаецца за сваё канстытуцыйнае права выбіраць сваіх лідараў. Выбары 9 жніўня не былі ні сумленнымі, ні празрыстымі. Іх вынікі былі сфальсіфікаванымі. Людзі, якія выйшлі абараняць свае галасы на вуліцы гарадоў па ўсёй Беларусі, былі жорстка збітыя, пазбаўленыя свабоды, зазналі катаванні з боку рэжыму, што сутаргава чапляцца за ўладу. Сотні параненых, як мінімум два чалавекі пазбавіліся жыцця. Гэта адбываецца прама цяпер у цэнтры Еўропы”, — гаворыцца ў відэазвароце Ціханоўскай.

„Я заклікаю вас не прызнаваць гэтых сфальсіфікаваных выбараў. Лукашэнка страціў усякую легітымнасць у вачах нашага народа і ўсяго свету. З мэтай спрыяць мірнай перадачы ўлады я ініцыявала стварэнне Нацыянальнага каардынацыйнага савета Беларусі. Ён узначаліць працэс мірнай перадачы ўлады з дапамогай дыялогу. Ён неадкладна аб`явіць новыя сумленныя і дэмакратычныя выбары прэзідэнта з удзелам міжнародных назіральнікаў”, — паведамляе Ціханоўская.

Яна заклікала кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў „падтрымаць абуджэнне Беларусі”. „Я заклікаю ўсе краіны паважаць прынцыпы міжнароднага права. Я заклікаю паважаць суверэнітэт Рэспублікі Беларусь і выбар беларускага народа”, — заявіла Ціханоўская.

belapan.by