ЦВК: Беларусь яшчэ не саспела да электроннага галасавання



Нягледзячы на прагрэс краіны ў ІТ-сферы, уводзіць электроннае галасаванне на выбарах у Беларусі зарана, сказаў на брыфінгу ў Цэнтрвыбаркаме намеснік старшыні ЦВК, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў.

– Тут трэба ісці ўзважана і прадумаць усе негатыўныя і пазітыўныя наступствы ад ўвядзення электроннага галасавання. Адно з прынцыповых палажэнняў любога выбарчага заканадаўства любой краіны – гэта забеспячэнне таямніцы галасавання. Для таго, каб гэта было, трэба каб у нас запрацаваў рэгістр, каб вырашалася пытанне з ІТ-картамі і г.д. То-бок, мы на сённяшні дзень не маем у кожнага электроннага лічбавага подпісу. Так, гэтае пытанне перыядычна прапрацоўваецца, але называць канкрэтныя тэрміны ўвядзення я б зараз не стаў.

Заўважым, што электроннае галасаванне лічыцца адным з самых надзейных спосабаў унікнуць фальсіфікацый. У Эстоніі, да прыкладу, на апошніх парламенцкіх выбарах электронным галасаваннем скарысталіся 44% выбарцаў.

Беларускае Радыё Рацыя