ЦВК: На парламенцкіх выбарах датэрмінова прагаласавала 35,77% выбаршчыкаў



Правам датэрміновага галасавання на парламенцкіх выбарах (12-16 лістапада) скарысталася 35,77% выбаршчыкаў, паведаміла Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

У Гомельскай вобласці гэты паказчык склаў 39,41%, у Магілёўскай – 39,11%, у Віцебскай – 38,26%, Менскай – 37,49%, Гарадзенскай – 36,50%, Берасцейскай – 33,67%, у Менску – 28,56%.

На папярэдніх парламенцкіх выбарах у 2016 годзе, паводле дадзеных ЦВК, датэрмінова прагаласавала 31,29% выбаршчыкаў, у 2012 годзе – 25,9%.

Арганізатары кампаніі назірання „Права выбару” паведамілі на прэс-канферэнцыі раніцай 16 лістапада, што, па іх дадзеных, афіцыйныя лічбы яўкі завышаныя ўдвая.

14 лістапада кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла пасля датэрміновага галасавання на сваім участку: „Усё тое, пра што паведамляецца, гэта не загон, гэта агітацыя, настойлівае запрашэнне прыйсці на выбарчыя ўчасткі … Гэта выхаванне інфантыльнага маладога пакалення. З іх робяць сапраўдных, адказных грамадзян „.

Асноўнае галасаванне пройдзе 17 лістапада.

belapan.by

Фота: скрыншот з відэа