ЦВК не падтрымала прапанову ўсталяваць відэакамеры на ўчастках



Цэнтрвыбаркам не падтрымаў прапанову ўсталяваць на ўчастках для галасавання відэакамеры за кошт сродкаў грамадзян.

Усталяваць камеры Цэнтральнай выбарчай камісіі прапанавала грамадзянская ініцыятыва „Сумленныя людзі”. Адпаведны дакумент 28 ліпеня перадаў у Цэнтрвыбаркам Павел Дзік, член ЦВК з правам дарадчага голасу ад штаба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. У праекце пастановы ЦВК, які падрыхтавалі актывісты, гаварылася, што размяшчэнне відэакамер „ажыццяўляецца грамадзянамі за свой кошт на падставе заявак грамадзян, якія падаюцца ва ўчастковыя камісіі”, пры гэтым участковыя выбаркамы мусяць не пазней за наступны дзень пасля атрымання заяўкі „усяляк паспрыяць” у размяшчэнні відэакамер „у зручным для бесперапыннай і бесперашкоднай здымкі месцы, з мэтай ажыццяўлення прамой кругласутачнай трансляцыі з участку для галасавання, уключаючы выяву скрыні для галасавання”.

„Усе члены выбарчай камісіі, азнаёміўшыся з прапанаваным вамі праектам пастановы, у якім прадугледжваецца прамая кругласутачная відэатрансляцыя з участкаў галасавання і размяшчэнне ўласных відэакамер грамадзян па іх заяўках, выказалі меркаванне аб неадпаведнасці праекта патрабаванням выбарчага заканадаўства і няяснасці парадку практычнай рэалізацыі прапановы”, — гаворыцца ў адказе за подпісам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, які размешчаны ў тэлеграм-канале „Краіна для жыцця”.

Ярмошына адзначае, што „Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь не дапускае прыцягнення тэхнічных сродкаў грамадзян для арганізацыі выбараў”. „Абсталяванне ўсіх участкаў для галасавання відэакамерамі з прамой кругласутачнай трансляцыяй патрабуе, як і ўвядзенне любых іншых выбарчых працэдур з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, не толькі прававых, але і інфраструктурных перадумоў, а таксама папярэдняй ацэнкі іх кошту, эфектыўнасці і адпаведнасці патрабаванням інфармацыйнай бяспекі”, — гаворыцца ў адказе.

22 ліпеня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў абмежавала колькасць назіральнікаў на выбарчых участках: не больш за тры ў дні датэрміновага галасавання і не больш за пяць — у асноўны дзень. Лідзія Ярмошына патлумачыла гэта інтарэсамі бяспекі членаў выбаркамаў і эпідэміялагічным становішчам. Прадстаўнікі апазіцыі заявілі, што такое рашэнне не дазволіць прысутнічаць на ўчастках незалежным назіральнікам.

belapan.by