ЦВК не прыняла прапановы праваабаронцаў аб падвышэнні празрыстасці выбарчага працэсу



Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў не будзе ўкараняць прапановы па павышэнні ўзроўню празрыстасці выбарчага працэсу, накіраваныя 7 ліпеня Беларускім Хельсінкскім камітэтам у межах кампаніі па назіранні „Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Гэта вынікае з адказу старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, вытрымкі з якога апублікаваныя на сайце кампаніі.

Праваабаронцы прапанавалі ЦВК арганізаваць падлік галасоў такім чынам, каб члены ўчастковых выбаркамаў правяралі пазнакі на ўсіх бюлетэнях разам, а не дзялілі бюлетэні паміж сабой і лічылі галасы паасобку. Было таксама прапанаванае дэманстраваць назіральнікам адзнакі на кожным бюлетэні.

Ярмошына адказала, што ў Выбарчым кодэксе і метадычным дапаможніку для ўчастковых выбаркамаў „прадугледжаны канкрэтны спосаб і працэдура падліку галасоў”, але яна не прадугледжвае „дэманстрацыю назіральнікам і абвяшчэнне пазнак у кожным бюлетэні”. Старшыня ЦВК падкрэсліла, што „ўвядзенне такіх абавязкаў для ўчастковай камісіі патрабуе карэктавання Выбарчага кодэкса”.

Цэнтральнай камісіі было прапанавана рэкамендаваць участковым выбаркамам даваць назіральнікам засведчаную копію пратакола аб выніках галасавання на іх просьбу.

На гэта кіраўнік ЦВК адказала, што Выбарчы кодэкс патрабуе ад участковай камісіі „вывесіць пратакол аб выніках падліку галасоў для ўсеагульнага азнаямлення”, а ў назіральнікаў ёсць права „вырабіць копію сваімі сіламі і сродкамі”. На яе думку, каб абавязаць участковыя выбаркамы выдаваць назіральнікам засведчаныя копіі пратаколаў, неабходна карэктаваць кодэкс.

Праваабаронцы мяркуюць, што павышэнню празрыстасці выбарчага працэсу спрыяла б апублікаванне ЦВК вынікаў галасавання з разбіўкай па выбарчых участках. У адказе Ярмошынай сказана, што „ў Цэнтральную камісію не падаюцца пратаколы ўчастковых камісій аб выніках падліку галасоў, у сувязі з чым інфармацыя па ўчастках не публікуецца”.

Акрамя таго, праваабаронцы прапанавалі ЦВК раскрыць усе прынятыя, але не апублікаваныя пастановы. У адказ на гэта старшыня камісіі напісала, што „галоснасць, адкрытасць і празрыстасць у дзейнасці Цэнтральнай камісіі не можа ацэньвацца па колькасці апублікаваных на яе інтэрнэт-сайце пастаноў”.

Яна растлумачыла, што некаторыя прынятыя, але не апублікаваныя пастановы не звязаныя з выбарамі, а іншыя тычацца вынікаў разгляду дакументаў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Замест масіву такіх пастаноў, адзначыла Ярмошына, на сайце ЦВК публікуецца зводная табліца з данымі кожнай асобы, якая падала дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, і вынікі іх разгляду.

Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя 9 жніўня.

belapan.by