ЦВК распрацаваў свае прапановы па змяненні Канстытуцыі



Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў распрацавала свае прапановы па змяненні Канстытуцыі Беларусі. Пра гэта паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на пасяджэнні круглага стала „Канстытуцыя — аснова нацыянальнай прававой сістэмы”, які прайшоў 27 мая ў Палаце прадстаўнікоў.

Гаворка, паводле яе слоў, ідзе пра некаторыя артыкулы трэцяга раздзела Асноўнага закона, прысвечанага выбарчай сістэме і рэферэндумам.

„У прыватнасці, артыкул 64, дзе абмяжоўваецца права на ўдзел у галасаванні асоб, якія знаходзяцца пад вартай да прыгавору суда. За гэта нас, дарэчы, цалкам абгрунтавана крытыкуе АБСЕ, — адзначыла Ярмошына. — Пры гэтым названыя выбаршчыкі не абмяжоўваюцца ў сваім пасіўным праве і могуць вылучацца як кандыдатамі ў дэпутаты, так і кандыдатамі ў прэзідэнты”.

Паводле яе слоў, „не адпавядаюць сучасным рэаліям” палажэнні артыкула 69, які вызначае права вылучаць кандыдатаў працоўнымі калектывамі. „У цяперашні час у нацыянальным заканадаўстве адсутнічае прававое паняцце працоўнага калектыву. Суб’екты гаспадарання маюць розную арганізацыйную структуру”, — патлумачыла старшыня ЦВК.

У Цэнтральнай камісіі таксама лічаць немэтазгодным захоўваць інстытут адклікання дэпутата, прадугледжаны артыкулам 72 Канстытуцыі, „як не маючы перспектыў для прымянення”. Кіраўнік ЦВК нагадала, што для адклікання дэпутата трэба, каб гэтае рашэнне падтрымалі не менш за 20% выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі акругі. „У сярэднім у акрузе амаль 63 тысяч выбаршчыкаў. 20% — гэта каля 13 тысяч. Гэта значыць, для таго, каб вылучыцца, трэба сабраць тысячу подпісаў, а для таго, каб толькі пачаць працэдуру адклікання, — у трынаццаць разоў больш. Натуральна, гэтая норма не прымяняецца”, — падкрэсліла Ярмошына.

На яе думку, гэтая канстытуцыйная норма таксама „тармозіць пераход да іншай выбарчай сістэмы — па партыйных спісах”. „Калі з’явіцца палітычны і грамадскі запыт на рэфармаванне выбарчай сістэмы, то гэта норма будзе перашкаджаць прыняццю адпаведнага закона”, — лічыць Ярмошына.

Таксама прапаноўваецца ўнесці змяненні ў палажэнні, якія тычацца форм мясцовага самакіравання. Як падкрэсліла Ярмошына ў размове з журналістамі, яна лічыць, што сельскія саветы можна скасаваць. Пры гэтым яна выступае за магчымасць абрання мэраў гарадоў.

Гаворачы аб магчымай карэкціроўцы Асноўнага закона, кіраўнік ЦВК, аднак, падкрэсліла, што „дзейная Канстытуцыя з бляскам выканала сваю ролю як падмурак сучаснай беларускай дзяржаўнасці”. Пры гэтым Ярмошына прытрымліваецца думкі, што маштаб змяненняў, якія ўнесены ў Асноўны закон у 1996 годзе і якія значна павысілі прэзідэнцкую ўладу, дазваляе казаць аб тым, што 23 гады таму фактычна была прынятая новая Канстытуцыя, а не занесеная карэкціроўка ў дзейную на той момант.

Пытанне ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Беларусі абмяркоўваецца каля двух гадоў. Пра тое, што канцэпцыя змяненняў у Канстытуцыю яшчэ не распрацавана, Аляксандр Лукашэнка заявіў, выступаючы са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту 19 красавіка. „Мяне ўвесь час у СМІ пытаюцца, асабліва ў інтэрнэце, падштурхоўваюць: ну скажы што-небудзь па Канстытуцыі. Ну што, гаварыць пра варыянты нейкія не варта. Гэта толькі варыянты, мы яшчэ нават не выпрацавалі канцэпцыю змянення гэтай Канстытуцыі, яна з’явіцца тады, калі я атрымаю прапановы ад розных слаёў нашага грамадства”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён апісаў сваё бачанне структуры ўлады: „Трэба надзяляць ўладнымі паўнамоцтвамі іншыя структуры і галіны ўлады. Каб за эканоміку адказваў урад разам з парламентам. Нацыянальны банк не павінен быць у баку. Кантроль будуць ажыццяўляць структуры па розных напрамках, варыянты ўжо адпрацаваны. Той ж КДК, іншыя міністэрствы і ведамствы”.

Лукашэнка расказаў таксама, якой бачыць ролю прэзідэнта ў новай сістэме кіравання: „Што тычыцца будучага кіраўніка дзяржавы, ён павінен быць кіраўніком дзяржавы, ён не павінен так шмат матацца па палях і фермах. Я нядаўна папракнуў урад: людзі не бачаць вас на фермах і палях . Як быццам няма ўрада, міністраў не відаць. Трэба ісці туды, займацца сваімі функцыямі. І гэта не толькі таму, што яны нядобрыя, — у нас сістэма так выбудаваная. Прыйшоў час на гэта паглядзець і пакінуць тыя функцыі і паўнамоцтвы прэзідэнту, якія ён павінен выконваць як кіраўнік дзяржавы, — перш за ўсё кадравыя пытанні. Трэба падцягнуць палітычныя партыі, каб яны генерыравалі нам на дзяржаўны ўзровень нармальных кіраўнікоў”.

Беларускі кіраўнік таксама заявіў, што не будзе спрабаваць „стварыць такую сістэму, пры якой Лукашэнка быццам сышоў — і не сышоў”. „Гэтага ў краіне не будзе, я вам абяцаю. Я думаю пра будучыню сваёй краіны, а не пра сваё асабістую ўладу. Я ўжо „навластвовался”, спыніце вы пра гэта пісаць. Некампетэнтныя людзі, хто так думае”, — сказаў ён.

Вярхоўны Савет прыняў Канстытуцыю 15 сакавіка 1994 года, была ўведзена прэзідэнцкая форма праўлення. Летам таго ж года прайшлі першыя ў гісторыі краіны выбары прэзідэнта, перамогу на якіх атрымаў Аляксандр Лукашэнка. Упершыню змяненні ў Асноўны закон былі ўнесены ў 1995 годзе, яны тычыліся дзяржаўнай сімволікі і зацвердзілі рускую мову ў якасці дзяржаўнай нароўні з беларускай.

Па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 24 лістапада 1996 года, які, як і ў першы раз, ініцыяваў Лукашэнка, у Канстытуцыю былі ўнесеныя змяненні і дапаўненні, у адпаведнасці з якімі адлік пяцігадовага тэрміну прэзідэнцтва Лукашэнкі пачаўся нанава, а Вярхоўны савет быў пераўтвораны ў двухпалатны парламент – Нацыянальны сход. Прэзідэнт атрымаў права прызначаць шэсць суддзяў Канстытуцыйнага суда і членаў ЦВК.

У Асноўны закон таксама былі ўнесены змяненні, якія тычацца паўнамоцтваў Канстытуцыйнага суда: абмежавана кола суб’ектаў, якія маюць права ініцыяваць прыняцце судом заключэння. Такім правам валодаюць прэзідэнт, урад, палаты парламента, Вярхоўны суд і Вышэйшы гаспадарчы суд. Пры гэтым Канстытуцыйны суд быў пазбаўлены магчымасці прымаць заключэнні па ўласнай ініцыятыве.

17 кастрычніка 2004 года ў Беларусі прайшоў яшчэ адзін рэферэндум, па выніках якога з Канстытуцыі было выключана палажэнне, якое абмяжоўвае знаходжанне аднаго чалавека на пасадзе прэзідэнта двума тэрмінамі.

belapan.by