У Алжыры на пратэсты выйшаў мільён людзей



У сталіцы Алжыру прайшла сама масавая дэманстрацыя за 6 тыдняў пратэстаў у гэтай паўночнаафрыканскай краіне. Як паведаміла 29 сакавіка са спасылкай на мясцовую паліцыю агенцтва Reuters, колькасць мітынгоўцаў дасягнула мільёну чалавек.

Паведамляецца, што паліцыя прымяніла супраць дэманстрантаў гумовыя кулі і слёзацечны газ. 

Пратэстоўцы патрабуюць адстаўкі цяперашняга прэзідэнта Алжыра Абдэльазіза Бутэфлікі і яго ўраду. Жыхары краіны нязгодныя з прапановамі адхіліць ад улады толькі кіраўніка дзяржавы. Такія прапановы былі зроблены коламі палітычнай эліты Алжыру. Так, 26 сакавіка выступіў намеснік міністра абароны краіны і начальнік штаба нацыянальнай народнай арміі Ахмед Гаід Салех у тэлезвароце да нацыі. Днём пазней аналагічную прапанову – задзейнічаць параграф 102 Канстытуцыі Алжыру, які дазваляе канстытуцыйнай радзе краіны абвесціць пост прэзідэнта вакантным, калі кіраўнік дзяржавы няздольны выконваць свае абавязкі – агучыў выконваючы абавязкі прэм’ер-міністра Алжыру Ахмед Уях’я.

Дэманстранты лічаць гэтыя выступы тактычным ходам, якія робяць палітычная эліта, што хоча захаваць свой уплыў і пасля змены цяперашняга кіраўніка дзяржавы. „Бутэфліка, вазьмі з сабой Гаіда Салаха, калі зыдзеш!”, – скандавалі пратэстоўцы і патрабавалі стварэння новага ўраду.

Абдэльазіз Бутэфліка кіруе Алжырам цягам 20 гадоў. Аднак пасля інсульту, які здарыўся з ім у 2013 годзе, ён амаль не з’яўляецца на людзях.

Пачынаючы з 22 лютага 2019 года, супраціўнікі 82-гадовага прэзідэнта практычна штодня выходзяць на вуліцы гарадоў краіны, каб дамагчыся „радыкальнай змены рэжыму”. Колькасць удзельнікаў пратэстных акцый прыкметна вырасла пасля таго, як 11 сакавіка, Бутэфліка паабяцаў не вылучаць сваю кандыдатуру на пяты тэрмін. Пры тым, аднак, абвесціў пра перанос на больш позні тэрмін прэзідэнцкіх выбараў, пачаткова прызначаных на 18 красавіка. Пратэстоўцы мяркуюць, што такім чынам кіраўнік дзяржавы мае намер захаваць пасаду нават пасля сканчэння мандату.

Беларускае Радыё Рацыя