У Баранавічах пачаў дзейнічаць беларуска-расейскі вучэбна-баявы цэнтр
Зенітныя ракетныя і авіяцыйныя падраздзяленні ўзброеных сіл Беларусі і Расеі 9 верасня заступілі на баявое дзяжурства ў складзе нядаўна створанага на беларускай тэрыторыі агульнага вучэбна-баявога цэнтра сумеснай падрыхтоўкі ВПС і войскаў Супрацьпаветранай абароны.
„На аэрадроме 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы Узброеных сіл Беларусі у Баранавічах прайшоў ўрачысты рытуал заступлення на баявое дзяжурства па сумеснай ахове дзяжурнымі сіламі паветраных межаў Саюзнай дзяржавы”, – паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
Адначасова ў гэты ж час у заходнім пункце краіны спецыялісты зенітных ракетных войскаў таксама заступілі на баявое дзяжурства з тымі ж задачамі і мэтамі.
Як паведамлялася, для фармавання сумеснага вучэбна-баявога цэнтра 28 жніўня ў Гародню прыбылі падраздзяленні зенітных ракетных войскаў Расеі.
