У Беларусь прыбыла медыцынская дапамога ад ЕЗ



У Беларусь прыбыла партыя медыцынскай дапамогі, якую Сусветная арганізацыя аховы здароўя закупіла на сродкі Еўразвяза. У дапамогу ўваходзіць 3 мільёны 600 тысяч сродкаў індывідуальнай абароны: мільён медыцынскіх рэспіратараў, больш за 2 мільёны медыцынскіх масак, 50 тысяч ахоўных акуляраў, 50 тысяч ахоўных шчытоў і 80 тысяч медыцынскіх халатаў.

Каментуючы прыбыццё дапамогі кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Дзірк Шубель падкрэсліў: „Калі вірус не пераможаны паўсюль, то ён непераможаны. Таму Еўрапейскі звяз усяляк заахвочвае сацыяльнае дыстанцыяванне і прыняццё неабходных мераў для перасцярогі распаўсюду віруса”.

Ён нагадаў, што асобныя краіны ЕЗ таксама вылучаюць дапамогу Беларусі ў рамках барацьбы з распаўсюдам каронавіруса. Напрыклад, такую дапамогу дастаўляла Польшча. Таксама Шубель адзначыў, што гэты самалёт будзе не адзінай дапамогай ад ЕЗ — чакаюцца і іншыя пастаўкі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: b-g.by