У Беларусі 174 тэлеграм-каналы і чаты прызнаныя экстрэмісцкімі



174 тэлеграм-каналы і чаты ў Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі (па стане на 21 жніўня). Рашэнне па большасці з іх суды прынялі сёлета.

Першыя тэлеграм-каналы і чаты былі прызнаныя „экстрэмісцкім” яшчэ ў снежні 2018 года. Яны былі звязаны з рухам анархістаў. Трэба сказаць, некаторыя з іх рэгулярна абнаўляюцца дагэтуль.

У кастрычніку 2020 года быў прызнаны экстрэмісцкім самы буйны на той момант кірылічны тэлеграм-канал, рэдакцыя якога знаходзіцца ў Варшаве. З 18 лютага 2021 года ў спіс забароненых унесена 167 інфармацыйных тэлеграм-каналаў і чатаў.

Згодна з беларускім заканадаўствам, „распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка такой інфармацыі” (19.11 КоАП) караецца адміністрацыйнай адказнасцю. Праваабаронцам вядома як мінімум пра 30 судовых пасяджэнняў па гэтым артыкуле. Абвінавачваныя па ім былі пакараны штрафам на 433 базавыя велічыні і 164 суткамі арышту.

БелаПАН