У Беларусі 26 снежня абмяжуюць забаўляльныя мерапрыемствы
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка накіраваў спачуваньне прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну.
«Гэтая трагедыя — наш агульны боль, і Беларусь сёння смуткуе разам з Расеяй. У гэтую цяжкую хвіліну мы побач, цалкам падзяляючы гэтае страшнае гора», — гаворыцца ў спачуванні.
Па даручэнні Лукашэнкі 26 снежня над будынкамі рэзідэнцыі кіраўніка Беларусі і іншых дзяржаўных установаў па ўсёй краіне будуць прыспушчаны дзяржаўныя сцягі ў знак салідарнасьці і смутку ў сувязі з авіякатастрофай, якая адбылася ў Расеі.
Будуць таксама абмежавана правядзенне і трансляцыя забаўляльных мерапрыемстваў і праграм. Тэле- і радыёканалам рэкамэндавана ўлічыць гэтыя абставіны пры фармаванні эфіру.
Нагадаем, Ту-154 знік з радараў 25 снежня ў 5 гадзін 27 хвілін паводле менскага часу. Рэйс з Сочынскага аэрапорту «Адлер» у сірыйскую Лятакію перапыніўся ўсяго праз дзве хвіліны пасля ўзлёту. На борце было 8 членаў экіпажу і 84 пасажыры. Гэта ансамбль імя Аляксандрава, артысты ляцелі віншаваць з Новым годам расейскіх вайскоўцаў.
З імі былі журналісты федэральных тэлеканалаў і Лізавета Глінка, больш вядомая як Доктар Ліза — урач-рэаніматолаг, якая шмат гадоў ратавала людзей у гарачых кропках, засноўвала хосьпісы, чым стала вядомая ва ўсім свеце.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота pikabu.ru