У Беларусі адкрыта пасольства Судана



У Менску 11 снежня адкрылася пасольства Судана ў Беларусі. Удзел у цырымоніі прыняў прэм’ер-міністр Сяргей Румас, паведамляе прэс-служба ўрада.

Паводле слоў Румаса, Беларусь гатовая працягваць паступальнае развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Суданам па ўсіх кірунках. Гаворка ідзе пра ўзаемадзеянне ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, прамысловай, сельскагаспадарчай, энергетычнай, адукацыйнай і гуманітарнай сферах, адзначыў ён.

Для ўрадаў дзвюх краін прэзідэнты паставілі канкрэтныя задачы ў гандлёва-эканамічнай сферы. Ужо цяпер вядзецца актыўная праца па вызначаных бакамі праектах. Прапрацоўваецца стварэнне сумесных прадпрыемстваў па зборцы беларускай машынабудаўнічай і сельскагаспадарчай тэхнікі, перапрацоўцы мяса-малочнай прадукцыі, будаўніцтве жывёлагадоўчых комплексаў, а таксама ў сферы электраэнергетыкі, нафтавым сектары.

Румас адзначыў, што на суданскі рынак ужо пастаўленыя сучасныя ўзоры беларускіх грузавых аўтамабіляў, камбайна і энерганасычаных трактароў, дарожна-будаўнічай тэхнікі, сельскагаспадарчага абсталявання. Заключаны кантракты на 60 млн еўра на пастаўку сучасных беларускіх збожжасховішчаў для сельскай гаспадаркі Судана.

„Самае важнае — гэта тое, што ідзе праца над дасягнутымі дамоўленасцямі, — сказаў Румас. — Наладжаны неабходныя сувязі паміж беларускімі і суданскімі ведамствамі, прадпрыемствамі. Працуе міжурадавая камісія па супрацоўніцтве, узаемадзейнічаюць гандлёва-прамысловыя палаты. Перад усімі намі, уключна з пасольствам Судана ў Беларусі, стаяць сур’ёзныя задачы. Важна, што для іх вырашэння і руху наперад ёсць палітычная воля, паразуменне і падтрымка на ўзроўні прэзідэнтаў”.

Беларусь высока цэніць рашэнне суданскага кіраўніцтва аб адкрыцці дыппрадстаўніцтва ў Менску, заявіў Румас. „Мы шчыра рады, што на адкрыцці пасольства Судана прысутнічае асабіста кіраўнік суданскай дзяржавы. Гэта выключна важны выпадак для нашай практыкі, які з’яўляецца праявай і пацвярджэннем высокага ўзроўню сувязяў і ўзаемаразумення паміж кіраўніцтвам нашых краін”, — адзначыў кіраўнік урада.

Вітаючы прызначэнне пасла Судана, Румас пацвердзіў гатоўнасць беларускага боку аказваць усё неабходнае садзейнічанне працы пасольства. Пацвярджэннем таго, што для суданскага боку адкрыты ўсе дзверы, з’яўляецца ўручэнне паслом адразу пасля прыбыцця ў Менск даверчых грамат прэзідэнту Беларусі, а таксама сустрэчы кіраўніка суданскай дыпмісіі са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, міністрам замежных спраў і іншымі кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў Беларусі.

belapan.by