У Беларусі створаць асацыяцыю органаў мясцовага самакіравання
У Беларусі плануецца стварыць нацыянальную асацыяцыю органаў мясцовага самакіравання, паведаміў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч 11 снежня ў Менску на арганізаваным сумесна з Саветам Еўропы семінары па пытаннях развіцця асацыяцый мясцовых саветаў дэпутатаў.
„На мой погляд, будзе актуальна, калі мы сёння канструктыўна абмяркуем падыходы па гарманізацыі беларускага заканадаўства з палажэннямі Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання, пытанні стварэння нацыянальнай асацыяцыі мясцовых органаў самакіравання, у тым ліку распрацоўку дарожнай карты па яе стварэнні”, — адзначыў ён.
Паводле слоў Мясніковіча, у красавіку 2019 года плануецца правядзенне канферэнцыі, прысвечанай стварэнню нацыянальнай асацыяцыі. „Стварэнне асацыяцый мясцовых саветаў дэпутатаў у абласцях Беларусі — гэта перспектыўны кірунак дзейнасці па развіцці мясцовага самакіравання. І досвед працы Гродзенскай і Магілёўскай абласных асацыяцый — няхай небагаты, але свой уласны — гэтаму сведчанне”, — лічыць спікер верхняй палаты.
„Будуць рэкамендацыі экспертаў Савета Еўропы — мы іх паспрабуем выкарыстаць з улікам нацыянальных інтарэсаў”, — заявіў старшыня Савета Рэспублікі.
„Моцнае і самастойнае самакіраванне і паўнавартаснае заканадаўства ў гэтай сферы — гэта база для фарміравання эфектыўнай грамадзянскай супольнасці і адзін з асноўных элементаў сацыяльна-эканамічнай стабільнасці ў дзяржаве”, — сказаў Мясніковіч.
belapan.by
