У Беларусі могуць дэкрыміналізаваць артыкул КК 193.1
У Беларусі могуць дэкрыміналізаваць артыкул Крымінальнага кодэксу 193.1. Змены ў Кодэкс мусяць разгледзець дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Гэты артыкул прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда – да двух гадоў турмы. Адной з ахвяраў артыкулу ледзь не стала незалежная журналістка з Гомеля – Юлія Сівец:
– Дзесьці ў 2006 годзе пракуратура мне выдала папярэджанне „аб недапушчальнасці ўдзелу і арганізацыі дзейнасці ў незарэгістраваных арганізацыях”. Гэта была арганізацыя Моладзевы Цэнтр “Гарт”. У свой час яе пазбавілі рэгістрацыі.
На момант вынясення папярэджання гомельская арганізацыя “Гарт” ужо фактычна не дзейнічала, таму далей крымінальная справа не пайшла. А што тычыцца артыкула 193.1, то ён таксама даўно не ўжываўся, – заўважае Юлія Сівец:
– Мне падаецца, яго прынялі ў свой час для таго, каб больш актыўныя моладзевыя арганізацыі, якія існавалі на ніве адукацыі, палітыкі, выйшлі з гэтай палітычнай сферы. У прынцыпе, мэты дасягнулі. То бок, ён быў такім дамоклавым мячом: раптам што, мы яго выкарыстаем.
На дэкрыміналізацыі артыкула 193.1 настойваў Еўразвяз. Уладам нічога гэта не будзе каштаваць, бо цяпер у змаганні з моладзевымі актывістамі яны больш б’юць рублём, – кажа журналістка. То бок, прысуджаюць штрафы.
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя
