У Беларусі пашырылі функцыі Савета бяспекі



Аляксандр Лукашэнка 11 чэрвеня падпісаў указ № 214 „Аб Савеце бяспекі Рэспублікі Беларусь”. Дакументам зацверджаны новыя палажэння аб Савеце бяспекі і яго працоўным органе дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, дакумент не толькі абнаўляе і актуалізуе нормы, якія рэгламентуюць дзейнасць Савета бяспекі, але і накіраваны на падвышэнне яго ролі ў абароне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Беларусі, падтрыманні грамадзянскага міру і згоды ў краіне, супрацьдзеянні экстрэмізму і барацьбе з тэрарызмам.

„У ім вызначаецца асноўнае прызначэнне Савета бяспекі — падрыхтоўка прапаноў прэзідэнту для прыняцця ім рашэнняў па пытаннях унутранай і знешняй палітыкі ў мэтах забеспячэння нацыянальнай бяспекі і рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў Беларусі, — з якога выцякаюць усе задачы і функцыі гэтага калегіяльнага органа”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што ў новым палажэнні аб Савеце бяспекі ў поўным аб’ёме замацаваныя нормы дэкрэта ад 9 мая 2021 года № 2 „Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу”. Што тычыцца дзяржаўнага сакратарыята, то галоўная сутнасць ускладзеных на яго задач і функцый заключаецца ў інфармацыйна-аналітычным, прававым і арганізацыйна-тэхнічным забеспячэнні дзейнасці кіраўніка дзяржавы, Савета бяспекі ў сферы нацыянальнай бяспекі.

Акрамя таго, у новай рэдакцыі выкладзены склад Савета бяспекі. У лік яго пастаянных членаў дадаткова ўключаны старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю і генеральны пракурор.

Як паведамлялася, у падпісаным 9 мая дэкрэце гаворыцца, што „ў выпадку гібелі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у выніку замаху на яго жыццё, учынення акта тэрарызму, знешняй агрэсіі, з прычыны іншых дзеянняў гвалтоўнага характару неадкладна на падставе рашэння Савета бяспекі ва ўстаноўленым парадку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь уводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча; дзяржаўныя органы, іх службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасці з рашэннямі Савета бяспекі”.

Савет бяспекі вызначае „пералік мер, якія падлягаюць прымяненню ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становішча, абмежаванняў (прыпыненняў), уключаючы: устанаўленне абмежаванняў на свабоду перамяшчэння; забарону або абмежаванне правядзення масавых мерапрыемстваў; забарону правядзення забастовак; устанаўленне каменданцкай гадзіны; арганізацыю бяспекі асоб і аб’ектаў”.

Рашэнні Савета бяспекі „па рэалізацыі паўнамоцтваў, прадугледжаных гэтым дэкрэтам”, абавязковыя „для ўсіх дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службовых асоб і грамадзян; падлягаюць неадкладнаму выкананню; прымаюцца шляхам тайнага галасавання большасцю галасоў пастаянных членаў Савета бяспекі, але не менш чым дзвюма трацінамі галасоў ад іх агульнай колькасці”.

belapan.by

Фота: president.gov.by