У Беларусі створаць цэнтры для нелегальных мігрантаў



Урад Беларусі ў якасці асновы для правядзення перагавораў ухваліў праект пагаднення з Еўразвязам аб фінансаванні стварэння цэнтраў для ўтрымання нелегальных мігрантаў. Гэта вынікае з апублікаванай 29 чэрвеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале пастановы Саўміна ад 26 чэрвеня № 481.

Міністэрства ўнутраных спраў ўпаўнаважанае на правядзенне перагавораў па праекце пагаднення. Ведамству дазволена пры неабходнасці ўносіць у яго змяненні і дапаўненні, якія не маюць прынцыповага характару. Таксама МУС упаўнаважанае на падпісанне дакумента пры дасягненні дамоўленасці ў межах ухваленага праекта.

Як паведамлялася, ЕЗ выдзяляе 7 млн еўра ў рамках праекта „Спрыянне Рэспубліцы Беларусь у вырашэнні пытанняў, звязаных з павелічэннем колькасці нерэгулярных мігрантаў” на арганізацыю цэнтраў іх часовага ўтрымання. Праект рэалізуецца ў 2017—2022 гадах.

Фінансаванне ажыццяўляецца ў межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства на падставе адпаведнага фінансавага пагаднення паміж МУС Беларусі, Еўракамісіяй і прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі.

belapan.com