У Беларусі ў 2019 годзе плануецца распрацаваць 33 законапраекты



Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім зацверджаны план падрыхтоўкі законапраектаў у 2019 годзе. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

У бягучым годзе плануецца падрыхтаваць 33 праекты законаў. Сярод іх як прынцыпова новыя дакументы (напрыклад, законапраекты аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі, аб ахове і выкарыстанні балот, аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання), так і накіраваныя на сістэмную актуалізацыю дзеючых законаў для рэалізацыі інстытуцыянальных змяненняў па паляпшэнні ўмоў вядзення бізнесу ў краіне, разняволенні дзелавой ініцыятывы. У прыватнасці, запланавана карэкціроўка законаў „Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”, „Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці”, „Аб турызме”.

Акрамя таго, у 2019 годзе плануецца распрацаваць канцэпцыю законапраекта „Аб страхавой дзейнасці”.

belta.by