У Беларусі збіраюцца перайменаваць Цэнтрвыбаркам



Цэнтральная выбарчая камісія ў новай Канстытуцыі можа атрымаць іншую назву. Пра гэта ў эфіры „Беларусь 1” заявіў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка.

«Цэнтральная выбарчая камісія мяркуе, што атрымае новую назву. І ў Канстытуцыі прапісаны паўнамоцтвы Цэнтральнай выбарчай камісіі: якія выбарчыя кампаніі арганізуе, у тым ліку і выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, адпаведна, парламенцкія, прэзідэнцкія, выбары ў мясцовыя саветы», — сказаў ён.

Сяргеенка паведаміў, што праект Канстытуцыі будзе вынесены на абмеркаванне ў першай палове снежня. Ён таксама анансаваў некаторыя іншыя змены ў Асноўным законе, якія ўжо раней фігуравалі ў заявах прадстаўнікоў Канстытуцыйнай камісіі.

«Мяркуецца дапоўніць арт.18 — Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў. Гэта значыць, гэта сведчыць аб міралюбівым характары беларускай знешняй палітыкі, і гэта пасыл, вядома, нашым знешнім партнёрам», — сказаў Сяргеенка.

У Канстытуцыі таксама будзе замацавана выкарыстанне атамнай энергетыкі ў мірных мэтах. На яго думку, гэта павінна запэўніць Літву ў тым, што беларуская энергетыка развіваецца ў мірных мэтах, а станцыя бяспечная.
«Канстытуцыйны суд будзе правяраць канстытуцыйнасць усіх пытанняў, якія выносяцца на рэферэндум, а таксама ацэньваць канстытуцыйнасць правядзення выбараў у парламент і выбараў прэзідэнта. І з’яўляецца новая форма — гэта падача грамадзянінам непасрэдна скаргі ў Канстытуцыйны суд. І Канстытуцыны суд мае права разгледзець і даць адказ канкрэтнай асобе па тым ці іншым пытанні», — сказаў ён.

reform.by