У беларускай апазіцыі ёсць шанец трапіць у парламент
У беларускай апазіцыі ёсць шанец трапіць у парламент. Перакананая лідар грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач, якая ўжо анансавала сваё жаданне вылучацца ў Палату прадстаўнікоў. Сваё меркаванне палітык фарміруе на фоне эканамічных цяжкасцяў і зніжэння даверу беларусаў да ўраду. А парламенцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 17 верасня. Ужо цяпер у медыях з’яўляюцца інфармацыі пра стварэнне розных палітычных кааліцый, у адну з якіх уваходзіць і Вольга Карач. Адносна будучай электаральнай кампаніі яна выказвае свае перасцярогі:
— Для мяне вельмі важна калі апазіцыя атрымоўвае месцы ў парламенце ў выніку таго, што нас падтрымала насельніцтва. Гэта вельмі істотная розніца, бо апазіцыянер, які прыходзяць у парламент за кошт таемных дамоўленасцяў з уладай, нічым не адрозніваецца ад спадара Андрэйчанкі ці іншых спадароў, якія цяпер сядзяць у парламенце, у нашай «палатцы».
Ужо вядома пра стварэнне правацэнтрысцкай кааліцыі з удзелам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руха «За Свабоду» і незарэгістраванай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Асобныя спісы збіраюць вылучыць прадстаўнікі Партыі БНФ, «Гавары праўду». Падобныя намеры маюць таксама сацыял-дэмакраты і посткамуністы з «Справядлівага свету».
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
