У Берасці адзначаюць Дзень Канстытуцыі Украіны



Ля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Берасці ўсклалі кветкі з нагоды Дня Канстытуцыі Украіны.

Ініцыятарам мерапрыемства выступіла Консульства Украіны ў Берасці. Кажа консул-кіраўнік Анатоль Дзідзенка:

– Заўтра Україна святкуе Дзень Канстытуцыі. І сёння мы ўсклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку. Павіншавалі землякоў з гэтым знамянальным днём. Арганізавалі фотавыставу, прысвечаную Дню Канстытуцыі. А заўтра будзе прадоўжана святкаванне.

Сярод прысутных былі прадстаўнікі ўкраінскай грамады горада, дыпламаты і старшыня Савета Клуба нацыянальных культур “Садружнасць” Барыс Брук.

Падрабязней кажа Віктар Місіюк, старшыня ўкраінскай навукова-педагагічнай суполкі “Берагіня”:

– Канстытуцыя мае гістарычныя карані. І ва ўкраінскай традыцыі гэта Канстытуцыя гетмана Піліпа Орліка, які, як вядома, нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі. Сёлета адзначаецца юбілейная дата з дня ягонага нараджэння. Я лічу, што гэта таксама сімвалічна.

Удзел у мерапрыемстве прынялі каля дваццаці чалавек. За парадкам непадалёк ад помніка сачылі двое міліцыянтаў.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара