ЕЗ уводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі (абноўлена)



Завершыўся экстраны саміт Еўразвязу па сітуацыі ў Беларусі. ЕЗ не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Лідары краін Еўразвязу аднагалосна заявілі, што Беларусь павінна правесці новыя выбары. Вырашана ўвесці санкцыі супраць тых, хто адказны за гвалт супраць удзельнікаў мірных пратэстаў і фальсіфікацыю выбараў ў Беларусі.

* * * 

Прэзідэнт Еўрапарламента Давід Сасолі заклікаў кіраўнікоў Еўразвязу неадкладна ўвесці санкцыі супраць уладаў Беларусі. Пра гэта ён заявіў падчас відэаканферэнцыі лідараў ЕЗ пра сітуацыю ў Беларусі, паведамляецца на сайце Еўрапарламента. „Наша задача адна: падтрымаць заклікі народа Беларусі як мага хутчэй правесці новыя выбары і забяспечыць расследаванне і пакаранне гвалтоўных дзеянняў і катаванняў. Мы павінны аказаць ціск праз кожны даступны канал, каб забяспечыць вызваленне арыштаваных 9 жніўня, іх рэабілітацыю і кампенсацыю ім”, – сказаў Сасолі. 

Таксама ЕЗ выдзеліць дадаткова 53 млн еўра на падтрымку грамадзянскай супольнасці і пацярпелых ад рэпрэсій у Беларусі, пра гэта паведаміла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. ЕЗ увядзе персанальныя санкцыі да тых, хто адказны за рэпрэсіі, а таксама за фальсіфікацыю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

* * * 

У Бруселі ў сераду, 19 жніўня, пачаўся надзвычайны саміт з удзелам кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін ЕЗ па сітуацыі ў Беларусі. Ён праходзіць у фармаце відэаканферэнцыі.

«Народ Беларусі мае права вырашаць сваю будучыню і свабодна абраць свайго лідара. Гвалт супраць пратэстоўцаў недапушчальны і недаравальны», – напісаў у мікраблогу Twitter старшыня Еўрасавета Шарль Мішэль.

DW