У Данецку ліквідаваны камандзір расейскіх баевікоў (абноўлена)




Камандзір падраздзялення «Самалі» Узброеных сіл ДНР Міхаіл Талстых (пазыўны Гіві) быў забіты ў Данецку. Пра гэта паведаміла аператыўнае камандаванне ДНР.

„Сёння ў 06:12, у выніку тэрарыстычнага акту загінуў герой ДНР, камандзір батальёна «Самалі» палкоўнік Міхаіл Талстых, вядомы як Гіві”, — гаворыцца ў паведамленні.

У ДНР сцвярджаюць, што аперацыя была праведзена ўкраінскімі сілавікамі. Падрабязнасці ўдакладняюцца.

Як паведаміў тэлеканал РЕН-ТВ са спасылкай на байца атрада «Самалі», на чале якога стаяў Гіві, Талстых быў забіты ва ўласным кабінеце разам з двума ахоўнікамі з агнямёта «Чмель».

Гіві вылучаўся асаблівай жорсткасцю. Сярод іншага, ён асабіста забіваў палонных украінскіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў.

Раней выбухам бомбы ў ліфце быў знішчаны іншы камандзір баевікоў Матарола. У таямнічых абставінах загінулі таксама палявыя камандзіры Бэтмэн, Мазгавой, Дромаў, Ішчанка, першы кіраўнік ЛНР Болатаў ды іншыя. У той жа час кіраўнікі ЛНР Платніцкі і ДНР Захарчанка выжылі пасля раненняў.

Паводле kapital-rus.ru