У Ерэване шматтысячны натоўп атачыў будынкі парламенту і МЗС



У Ерэване каля дзесяці тысяч гараджан, якія патрабуюць адстаўкі прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна, прайшлі шэсцем па горадзе і атачылі будынак Нацыянальнага сходу краіны. Пасля гэтага частка пратэстоўцаў рушыла да будынка Міністэрства замежных спраў, таксама атачыўшы яго.

Адзін з удзельнікаў акцыі здолеў трапіць унутр памяшкання і вывесіць сцяг Нагорнага Карабаху. Пазней сцяг знялі паліцыянты, затрымаўшы некалькі чалавек. Мітынгоўцы пры гэтым не разыходзяцца. Адзін з лідараў армянскай апазіцыі Ішхан Сагацельян заклікаў людзей застацца на плошчы на ноч і «выбіць дзверы» у будынак МЗС, калі іх зачыняць. «Няхай усе міністры, якія не абараняюць правы армянаў Нагорнага Карабаху, ідуць да д’ябла», – заявіў ён. Парламенцкая апазіцыя з канца красавіка праводзіць акцыі пратэсту ў Ерэване і іншых частках краіны.

Апазіцыя абвінавачвае ўладу ў падрыхтоўцы да здачы інтарэсаў Арменіі і Нагорнага Карабаху ў перамовах з Азербайджанам.