У Еўрапарламенце абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі



 
 

27 чэрвеня ў сценах Еўрапарламента ў Бруселі адбудуцца слуханні групы дэпутатаў Еўрапейскай народнай партыі „Беларускае грамадства: да сучаснай палітычнай і нацыянальнай ідэнтычнасці?”. Пра гэта БелаПАН паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.   З беларускага боку ў мерапрыемстве запланаваны таксама ўдзел лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў першага намесніка старшыні грамадскага аб`яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алены Анісім і актывісткі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай, лідара закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага, старшыні АГП Анатоля Лябедзькі.   „Слуханні па Беларусі — гэта важная падзея, у тым ліку ў святле падрыхтоўкі да правядзення чарговай сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ), якая адбудзецца 5—9 ліпеня ў Мінску. Яны таксама важныя ў плане фарміравання паслання ЕНП, з якім яна выступіць на гэтай сесіі, бо шмат дэпутатаў ад гэтай партыі будуць у сталіцы Беларусі”, — заявіў Рымашэўскі.   Ён таксама адзначыў, што ўжо ёсць дамоўленасць пра выступ прадстаўнікоў беларускай апазіцыі на сустрэчы дэпутатаў ад ЕНП у Мінску.

Еўрапейская народная партыя — правацэнтрысцкая агульнаеўрапейская палітычная партыя, заснаваная ў 1976 годзе. Уключае ў сябе хрысціянска-дэмакратычныя і кансерватыўныя партыі краін Еўропы. ЕНП — адна з найбуйнейшых партый Еўропы, прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Еўрасаюза, а таксама ў Савеце Еўропы.

Плануецца, што ў ліпеньскай сесіі ПА АБСЕ ў Мінску возьмуць удзел каля 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў.