У ЕЗ занепакоеныя пастановай Канстытуцыйнага суда Польшчы
Канстытуцыйны суд Польшчы пастанавіў, што асобныя палажэнні заканадаўства Еўразвязу несумяшчальныя з польскай Канстытуцыяй. Рашэнне выклікала негатыўную рэакцыю Еўракамісіі, якая, паводле заявы яе прадстаўніка, не мае намеру пакідаць дадзенае рашэнне без адказу. Камісар ЕЗ па пытаннях юстыцыі заявіў, што Брусель «без ваганняў скарыстаецца сваімі паўнамоцтвамі ў адпаведнасці з існымі дамовамі з мэтай забяспечыць аднастайнае прымяненне і цэласнасць заканадаўства Еўразвязу”.
Еўрачыноўнік не назваў канкрэтныя меры, але адзначыў, што яны могуць рушыць услед на працягу некалькіх тыдняў ці нават дзён.
Прапанову польскаму Канстытуцыйнаму суду вынесці рашэнне пра перавагу нацыянальнай Канстытуцыі над еўрапейскім заканадаўствам было вылучана ў сакавіку прэм’ерам Маравецкім, што адразу выклікала непакой Еўракамісіі.
Справа ў тым, што амаль год раней Брусель ініцыяваў расследаванне ў дачыненні да Польшчы з-за рэформы судовай сістэмы, запатрабаваўшы ад Варшавы прывесці гэтую сістэму ў адпаведнасць стандартам аб’яднанай Еўропы. Крытыкі польскіх уладаў лічаць, што аспрэчванне вяршэнства права ЕЗ ставіць пад пагрозу будучыню Польшчы ў ЕЗ і стабільнасць самога блока.
Нязгодныя з рашэннем польскага Канстытуцыйнага суда зладзілі перад яго будынкам у Варшаве акцыю пратэсту. Польскія газеты пішуць, што канфлікт Польшчы з еўрапейскім заканадаўствам можа паўплываць на выдзяленне краіне пакуль не адобраных Бруселем крэдытаў і грантаў Фонду аднаўлення ЕЗ на агульную суму 58 мільярдаў еўра.
Беларускае Радыё Рацыя
