У ЕЗ сітуацыю на мяжы з Беларуссю ацэньваюць як “вельмі сур’ёзную”



У Еўразвязе сітуацыю на мяжы з Беларуссю ацэньваюць як “вельмі сур’ёзную”. Пра гэта заявіла Ніна Грэгары – выканаўчы дырэктар Еўрапейскага агенцтва па пытаннях прадастаўлення прытулку. Яна мяркуе, што міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю “не вырашыць у бліжэйшай будучыні”. Калі летам мігранты спрабавалі нелегальна патрапіць з Беларусі ў асноўным у Літву і Латвію, дык восенню — у асноўным у Польшчу. Штодня польскія памежнікі паведамляюць пра адзінкі затрыманых і пра каля паўтысячы спыненых і адпраўленых назад, у Беларусь. Аднак высвятляецца, што нямала мігрантаў усё ж дабіраецца да Германіі. З пачатку жніўня паліцыя зафіксавала іх там больш за чатыры тысячы — іракцаў, сірыйцаў і іранцаў, якія прабіраліся праз Беларусь і Польшчу.

Еўразвяз ускладае адказнасць за міграцыйны крызіс на ўлады Беларусі. Афіцыйнаму Менску ўжо ў лістападзе могуць пагражаць новыя санкцыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Janis Laizans/Reuters