У Гародні за стрым будуць судзіць журналістаў Белсату
10 чэрвеня пасля пікету праўладных арганізацый па зборы подпісаў за Лукашэнку, не абыйшлося без эксцэсу.
Пасля пікету, які доўжыўся дзве гадзіны, людзі ў цывільным – каля 8 чалавек – затрымалі двух журналістаў Белсату – Зміцера Міцкевіча і аператара Сяргея Кавалёва. Журналісты перад гэтым цэлы час вялі стрым пра тое, як адбываўся збор подпісаў і задавалі пытанні розным людзям, у тым ліку і прыхільнікам Лукашэнкі.
Журналістаў гвалтам зацягнулі ў бус і завезлі ў РАУС Ленінскага раёну, пратрымалі іх там тры гадзіны. На абодвух складзены пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэнне – працу без акрэдытацыі. У журналістаў забралі ўсю тэхніку, нават асабістыя мабільныя тэлефоны. Перад тым, як журналістаў адпусцілі, ім паведамілі, што разгляд іхняй адміністрацыйнай справы адбудзецца 18 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёну. Час пачатку працэсу прызначаны на 14-ю гадзіну.
