У Генпракуратуру накіраваны калектыўны зварот адносна бел-чырвона-белага сцягу



Грамадзянская ініцыятыва LexUp 1 лютага накіравала ў Генеральную пракуратуру Беларусі калектыўны зварот аб неправамернасці прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім.

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік LexUp Уладзімір Мартыненка, пад гэтым дакументам падпісаліся 400 чалавек.

Нагодай стала паведамленне 29 студзеня прадстаўніка Генпракуратуры аб тым, што на падставе звароту больш за сотню грамадзян ведамства рыхтуе дакументы для абвяшчэння бел-чырвона-белага сцяга і іншай аналагічнай сімволікі экстрэмісцкай.

Паводле слоў Мартыненкі, у накіраваным у Генпракуратуру дакуменце ініцыятыва LexUp спасылаецца на закон „Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, у якім экстрэмізм вызначаецца як канкрэтныя дзеянні канкрэтнага суб’екта. Зыходзячы з азначэнняў закона, сімволіка сама па сабе не можа ўчыняць якіх-небудзь дэструктыўных дзеянняў, якія магчыма ацэньваць з пункту гледжання праявы экстрэмізму.

„Такім чынам, для ацэнкі паняцця экстрэмізму неабходныя два безумоўныя фактары: суб’ект, які ўчыняе дзеянні, і фактычна самі дзеянні, накіраваныя супраць канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды. Ні бел-чырвона-белы сцяг, ні вытворныя ад яго сімвалы не валодаюць самастойна ні адным з названых фактараў. Такім чынам, прызнаць іх асобнымі праявамі экстрэмізму немагчыма”, — адзначаецца ў звароце.

Таксама ў звароце гаворыцца, што для яго падпісантаў бел-чырвона-белы сцяг мае ўстойлівую асацыяцыю з перыядам станаўлення дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь. З 1991 года бел-чырвона-белы сцяг з’яўляўся дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь. Пад гэтым сцягам прымаў прысягу ў якасці прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка.

„Генеральная пракуратура павінна ўлічыць і наш калектыўны зварот. Закон „Аб зваротах грамадзян” дапускае гэта, калі звароты закранаюць адно і тое ж кола пытанняў, — дапоўніў Мартыненка. — Тым больш што гісторыя бел-чырвона-белага сцяга мае дастаткова працяглы перыяд і для многіх звязана са станоўчымі момантамі ў беларускай гісторыі і культуры. У той час як выкарыстанне такога сцяга калабарацыяністамі заняло кароткі перыяд часу, звязаны з фашысцкай акупацыяй”.

Як паведамлялася, 29 студзеня Каардынацыйнай радай (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне створана петыцыя супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім. На гэтую гадзіну пад ёй падпісалася ўжо больш за 74 тыс. чалавек. Падпісанты дакумента лічаць, што „забарона на выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі не абгрунтаваная нічым, акрамя палітычнага націску на грамадзян, нязгодных з дзеяннямі дзейных уладаў. Грамадзяне павінны мець магчымасць звяртацца ў дзяржаўныя органы, патрабаваць прызнання пэўных кампаній, асоб, колераў экстрэмісцкімі. Але мы дакладна ведаем, што забарона бел-чырвона-белай сімволікі — гэта не жаданне народа, а капрыз 100 чалавек”. Аўтары петыцыі настойваюць на „спыненні пераследу беларусаў за выкарыстанне сімволікі, якая ўяўляе сабой нематэрыяльную культурную каштоўнасць, і прызнанні бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай спадчынай”.

На мінулым тыдні афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Беларусі Анжаліка Курчак у эфіры тэлеканала „Беларусь 1” паведаміла, што „ў Генеральную пракуратуру паступіў калектыўны зварот, пад якім падпісаліся больш за сотню грамадзян, з просьбай аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім”. „З улікам раней праведзенай Генеральнай пракуратурай працы па ўдасканаленні заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму цяпер час мы рыхтуем пакет дакументаў аб прызнанні экстрэмісцкімі бел-чырвона-белага сцяга і іншай сімволікі”, — паведаміла яна.

Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што ў найбліжэйшы час беларускі парламент разгледзіць законапраект аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму. Пры гэтым падчас візіту на „Гомсельмаш” 20 лістапада 2020 года ён назваў бел-чырвона-белы сцяг фашысцкім. „Я ж не хаджу пад фашысцкімі БЧБ-сцягамі. І адкрыта кажу, што гэта фашысцкая сімволіка. І хто ўнёс гэтае пытанне на рэферэндум — ваш пакорны слуга, калі ў нас былі БЧБ-сцягі, якія нацыяналісты праціснулі, — сказаў Лукашэнка. — Я катэгарычна пярэчыў. Але абралі, я стаў прэзідэнтам і імгненна ўнёс вам на рэферэндум: вырашыце, вось — адна сімволіка, вось — другая. Пераважная большасць падтрымала цяперашнюю дзяржаўную сімволіку. Якія да мяне пытанні?”

„І потым, партрэтаў Лукашэнкі пад БЧБ-сцягамі не было, а Гітлера — былі. І мы паказваем гэта. І хто б мог падумаць, што тэатр Янкі Купалы, які быў у гады вайны абвешаны БЧБ-сцягамі, будзе пад гэтымі сцягамі сёлета. Вы што, хочаце сказаць, што я павінен быў гэта цярпець у цэнтры Мінска? Мы прыбярэм гэтую фашысцкую сімволіку з нашага грамадства, зробім гэта прыгожа. І перш за ўсё растлумачваючы, што гэтага нельга рабіць. Наша краіна больш за ўсіх пацярпела ад вайны”, — заявіў Лукашэнка.

Бел-чырвона-белы сцяг з`явіўся каля ста гадоў таму. Ён стаў сімвалам беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя, а ў 2020 годзе — адным з галоўных сімвалаў барацьбы за свабоду і масавых пратэстаў супраць дзейнага рэжыму.

belapan.by