У Кіеве адбылася акцыя пратэсту (абноўлена)



Паводле словаў начальніка паліцыі Кіеўскай вобласці Андрэя Крышчанкі сур’ёзна пацярпеў таксама адзін з паліцэйскіх. Увечары ў Кіеве адбыліся сутычкі паміж сілавікамі і дэманстрантамі, якія спрабавалі прарваць паліцэйскае ачапленне. Маніфестанты пры тым кідалі петарды. Патрабаванні пратэстоўцаў да прэзідэнта і ўраду Ўкраіны – спыніць усе кантакты з акупаванымі тэрыторыямі Данбасу.

***

Народны дэпутат Украіны ад „Самопомочі” Ягор Собалеў паведаміў, што яму разбілі твар, калі ён імкнуўся спыніць збіванне дэманстрантаў супрацоўнікамі паліцыі.

Пра гэта Собалеў расказаў у інтэрв’ю Громадському

„Імкнуўся спыніць бойку. Была вялікая штурханіна. Многіх білі нагамі. Паліцыя дастала дубінкі. Я імкнуўся спыніць правахаоўнікаў, каб нічога не здарылася. Прадстаўляўся ім, паказваў сваё пасведчанне, але яны і самы разумелі, хто я”.

***

19 лютага ў Кіеве адбываецца сур’ёзная акцыя пратэсту. У час сутыкненняў пацярпела каля 10 чалавек. У аднаго з іх сур’ёзная чэрапна-мазгавая траўма. Некалі машын хуткай дапамогі забралі пацярпелых.

У час акцыі пратэсту быў затрыманы камандзір батальёна дабравольцаў ОУН Мікалай Каханіўскі. Ён быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту ў цэнтры ўкраінскай сталіцы.

www.gordonua.com паведамляе, што ў затрыманні браў удзел кіраўнік патрульнай службы Кіева Юрый Зазуля. Акрамя Каханіўскага затрымалі яшчэ трох чалавек, на якіх зашчапілі кайданкі.

Арышту папярэднічала спроба мітынгоўцаў прарвацца праз загароджу каля гатэлю „Дняпро”, каб прайсці бліжэй да Адміністрацыі Прэзідэнта. Там пратэстоўцы хацелі ўсталяваць намёты. 

Сёння днём ОУН і прадстаўнікі штабу таварнай блакады Данбасу правялі веча ў цэнтры Кіева, пасля чаго абвесцілі пра намер застацца нанач каля Адміністрацыі Прэзідэнта. Увечары адбыліся стычкі паміж пратэстоўцамі і сілавікамі.

Пратэстоўцы патрабуюць ад уладаў узмацніць блакаду Данбасу.

Беларускае Радыё Рацыя