У Кіеве прайшла сустрэча прэзідэнтаў Польшчы, Літвы і Украіны



Прэзідэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа сустрэліся ў Кіеве з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

“Дзеянні Расеі ў рэгіёне выклікаюць для нас вялікую занепакоенасць”, — сказаў прэзідэнт Анджэй Дуда пасля перамоў. Ён падкрэсліў, што “гэта час вялікага выпрабавання для еўрапейскай салідарнасці, але таксама для адзінства Еўрапейскага звязу і NATO”:

– Наша сённяшняя сустрэча тут, у сталіцы Украіны Кіеве, ёсць выказваннем салідарнасці і падтрымкі нашых сяброў ва Украіне ў такі вельмі складаны, перадусім для іх, але таксама для ўсіх нас, час. Усе мы, што стаім тут зараз, з’яўляемся прэзідэнтамі трох дзяржаў, якія суседнічаюць з Расеяй. Расея стала для Украіны рэальнай пагрозай, але для нас яна таксама сусед. Сусед, да якога апелюем аб міры і спакоі.

Прэзідэнт Польшчы дадаў, што лідары ​​краін Люблінскага трохкутніка знаходзяцца ў пастаянным кантакце і кансультуюцца перад самымі важнымі сустрэчамі і перамовамі з сусветнымі лідарамі, згодна з прынцыпам, што “нічога пра нас – без нас”, і ў адпаведнасці з прынцыпам – “нічога пра Украіну без Украіны”.

Прэзідэнты Украіны, Польшчы і Літвы падпісалі супольную заяву ў сувязі з прызнаннем Расеяй незалежнасці акупаваных ёю асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей. «Мы адзіныя ў тым, што будучыня еўрапейскай бяспекі цяпер вырашаецца ва Украіне. Мы скаардынавалі нашыя дзеянні для дээскалацыі сітуацыі», — заявіў Уладзімір Зяленскі на брыфінгу ў Кіеве пасля падпісання супольнай заявы з польскім і літоўскім калегамі.

Уладзімір Зяленскі падзякаваў Польшчы за яе хуткую рэакцыю ў статусе старшыні АБСЕ на абвастрэнне сітуацыі Расеяй і абедзьвюм дзяржавам за вайсковую дапамогу ў сувязі з пагрозай новага этапу расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: KPRP

[manual_related_posts]