У Крым перакінулі дэсантнікаў Пскоўскай дывізіі



Вайскоўцаў Пскоўскай дывізіі Паветрана-дэсантных войскаў РФ пачалі перакідаць у анэксаваны Крым, піша Радыё Свабода са спасылкай на расейскую даследчую групу Conflict Intelligence Team (CIT). На YouTube з’явілася відэа эшалона з вайсковай тэхнікай, які ноччу праходзіць праз станцыю Ніжнягорская на паўночны ўсход ад Сімферопаля. Тэхніка на платформах характэрная для дэсантных частак.

Раней, 7 красавіка ў TikTok было апублікавана відэа з такой жа тэхнікай на платформах. У каментарах гаворыцца, што яно знятае ў Пскове. Колькасць цягнікоў з тэхнікай дывізіі дазваляе выказаць здагадку, што ў Крым перакідаюць значную частку тэхнікі і асабовага складу дывізіі. Аднак гэта першы выпадак, калі яе прысутнасць была заўважаная на поўнач ад Сімферопаля.

Расея апошнія дні, сцвярджаючы, што перакіданне яе войскаў не нясе нікому пагрозы, адначасова пагражае Украіне наступствамі ў выпадку гіпатэтычнага наступу на пазіцыі сепаратыстаў у Данбасе.

Беларускае Радыё Рацыя