Лагер мігрантаў у „Брузгах” наведала дэлегацыя МЗС Ірану



2-га снежня ў лагістычны цэнтр «Брузгі» на беларуска-польскім памежжы, пераабсталяваны пад часовы лагер для мігрантаў, прыехалі прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Ірану.

Паводле тэлеканалу АНТ, цяпер тут 12 грамадзян гэтай краіны, большасць насельнікаў усё ж – курды. Дыпламаты прапанавалі ім садзейнічанне ў вяртанні дадому і далі час на роздум да Новага году. Размаўляць з беларускай прэсай дэлегацыя МЗС Ірану адмовілася.

Тым часам з Менскага аэрапорту вылецеў эвакуацыйны рэйс у Ірак: бортам авіякампаніі Iraqi Airways дадому выправіліся 427 пасажыраў. Такім чынам, агульная колькасць эвакуаваных мігрантаў перавысіла 2 тысячы, аднак, паводле розных ацэнак, на тэрыторыі Беларусі яшчэ могуць заставацца да 7 тысяч выхадцаў з Афганістану, Іраку, Сірыі ды іншых краін.

Фота: БелТА