У Латвіі праходзяць парламенцкія выбары



6 кастрычніка ў Латвіі праходзяць парламенцкія выбары. Галоўная інтрыга – якія з 16 партый атрымаюць месцы ў Сейме, і ці ўвойдзе апазіцыйная партыя „Согласие” ў будучую кіруючую кааліцыю.

Як паказваюць вынікі апытання, праведзенага латвійскім Цэнтрам вывучэння грамадскай думкі SKDS, у Сейм, хутчэй за ўсё, пройдуць сем партый, піша dw.com. 

Найбольшай падтрымкай апытаных карыстаецца апазіцыйная сацыял-дэмакратычная партыя „Согласие” – 17,2 працэнта. Яна традыцыйна карыстаецца падтрымкай расейскамоўнага насельніцтва Латвіі. За партыю Саюз „зялёных” і сялян гатовыя прагаласаваць 9,4 працэнта рэспандэнтаў. А замыкае тройку Нацыянальнае аб’яднанне „Усё для Латвіі” – 6,9 працэнта. Гэта правацэнтрысцкая партыя, якая настойвае на ўзмацненні пазіцый латышскай мовы і культуры.

Шмат размоў сярод латышскіх палітолагаў вядзецца вакол стварэння кааліцыі. Верагодна, аб’ядноўвацца з „Согласием”, што сімпатызуе Расеі, зноў ніхто не захоча, аднак пралатышскія партыі, якія карыстаюцца вялікай падтрымкай, належаць да розных палітычных флангаў і ёсць засцярога, што яны не змогуць дамовіцца. На выбары ідзе таксама «Русский союз Латвии», які зладзіў некалькі скандальных шэсцяў за пашырэнне сферы ўжытку расейскай мовы.