У лідскай суполкі БНФ новы кіраўнік



У кіраўніцтве лідскай суполкі Беларускага народнага фронту адбыліся змены. Пасля 23 год яе шматгадовы старшыня перадаў кіраванне арганізацыяй больш маладому палітыку – Сяргею Пантусу.

За яго кандыдатуру падчас справаздачна-выбарчага сходу лідскай суполкі сябры арганізацыі прагаласавалі адзінагалосна. Да гэтага ён кіраваў суполкай БНФ горада Бярозаўка. Станіслаў Суднік адзначае, што яго рашэнне цалкам абдуманае і своечасовае.

– Я адбыў старшынём лідскай арганізацыі 23 гады. І вырашыў падаць прыклад тым, што трэба сысці і запусціць дэмакратычную працэдуру змены ўлады ў лідскай арганізацыі. Думаю, можа мой прыклад пяройме хтосьці вышэй і таксама падумае, што трэба сысці і зрабіць працэдуру пераемнай улады. Зараз у лідскую арганізацыю адбыўся вялікі наплыў у асноўным людзей ад 30 да 40 год. І таму зусім лагічна, калі кіраваць будзе хтосьці з гэтага асяроддзя, хто знаходзіцца з імі на адной хвалі.

Станіслаў Суднік запэўніў, што з Беларускага народнага фронту ён нікуды не сыходзіць. Плануе і надалей заставацца ў Сойме партыі і наадварот будзе яшчэ больш часу прысвячаць дзейнасці на ніве папулярызацыі беларушчыны.

 

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара