У Лідскім раёне ва ўчастковыя выбаркамы ні адзін альтэрнатыўны кандыдат не ўвайшоў



Ніводзін альтэрнатыўны кандыдат не ўвайшоў у склад выбарчых камісій па горадзе Ліда і Лідскім раёне. Такое рашэнне было адзінагалосна прынятае на пасяджэнні Лідскага раённага выканаўчага камітэту, якое праходзіла за зачыненымі дзвярыма. Па ўсіх альтэрнатыўных кандыдатах было дадзенае адмоўнае рашэнне з прычыны адсутнасці досведу працы ў выбарчых камісіях.

Сяргей Пантус – кіраўнік лідскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БНФ “Адраджэнне””, якое вылучыла у камісіі 5 чалавек, гаворыць, што будзе абскарджваць гэтае рашэнне ў судзе:

– У судзе мы будзем апеляваць менавіта да таго, што немагчыма атрымаць досвед, не будучы сябрам выбарчай камісіі. Я лічу, што гэта недарэчная і бессэнсоўная прычына. На маю думку, у сяброў выбарчай камісіі ў першую чаргу павінна быць сумленне, каб лічыць галасы адкрыта і справядліва. А не досвед у справе лічэння гэтых галасоў. Я думаю, у школе ўсе мы вучыліся, і лічыць умеем.

Усяго у горадзе Ліда і Лідскім раёне створана 74 участковыя выбарчыя камісіі. 64 з іх былі безальтэрнатыўныя. Яшчэ па 10 адбылося галасаванне па кожнай прапанаванай асобе. І калі за тых кандыдатаў, каго прапаноўвала ўлада, галасаванне было адзінагалоснае, то калі справа даходзіла да альтэрнатыўных кандыдатаў, рашэнне выканкама было адзінагалоснае – супраць.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя