У Літве пададзена 5 спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі супраць сілавікоў Лукашэнкі



У Літве пададзена 5 спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі супраць сілавікоў Лукашэнкі. Рыхтуюцца яшчэ 11 спраў для накіравання ў пракуратуру Польшчы. Пра гэта паведаміў у інтэрв’ю на YouTube-канале „Краіна для жыцця” прадстаўнік ініцыятывы BYBOL Мацвей Купрэйчык, які раней займаў пасаду старшага ўпаўнаважанага Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Менгарвыканкама. У пачатку лютага паведамлялася, што першая заява ў дачыненні да сілавікоўт з Беларусі для расследавання па ўніверсальнай юрысдыкцыі была пададзена ў Чэхіі. На той момант у гэтай краіне да падачы рыхтаваліся яшчэ больш за 10 заяў.

Акрамя таго, у Літве ўжо ідзе дасудовае расследаванне справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі па факце збіцця прадпрымальніка Максіма Харошына. Таксама вядома імя грамадзянкі Літвы беларускага паходжання, якая звярнулася ў літоўскую паліцыю з нагоды гвалту з боку рэжыму Беларусі. Гэта Марыя Матусевіч, якая была затрыманая ў Менску 11 жніўня мінулага года. Яе апыталі, на гэты момант яна знаходзіцца ў статусе сведкі, паведамляе reform.by

Беларускае Радыё Рацыя