У Літве заклікалі ўвесці санкцыі супраць аэрапортаў Беларусі
Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс прапанаваў унесці ў новы санкцыйны спіс беларускія аэрапорты, праз якія мігрантаў дастаўляюць з краінаў Азіі. «Усе сусветныя авіякампаніі павінны ўсвядоміць, што іх палёты ў Беларусь з’яўляюцца супрацоўніцтвам са злачынным рэжымам», – пра гэта паведамляецца на сайце МЗС Літвы.
У панядзелак Ландсбергіс па тэлефоне абмеркаваў эскалацыю напружанасці на мяжы Еўразвяза з Беларуссю з вярхоўным прадстаўніком ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпам Барэлем.
„Еўропа больш не можа марудзіць. Эскалацыя напружанасці на польскай мяжы – яшчэ адзін доказ таго, што рэжым у Беларусі ўжо пераходзіць да актыўных наступальных і правакацыйных дзеянняў. Еўропа павінна неадкладна адрэагаваць і ўзмацніць жорсткасць санкцый”, – сказаў Ландсбергіс.
Фота: lrt.lt
