У Луганск увайшло 40 адзінак расейскай бронетэхнікі
У Луганск увайшла расейская вайсковая калона. У яе складзе, паводле звестак кіраўніка групы «Інфармацыйны супраціў» Дзмітрыя Тымчука, да 40 адзінак цяжкай бронетэхнікі – танкаў і ўстановак «Град».
Карэспандэнт «Грамадскага тэлебачання» распавёў, што ў калоне 150 адзінак баявой тэхнікі і каля 1200 вайскоўцаў у расейскай вайсковай форме без шэўронаў. Па словах відавочцаў, салдаты размаўлялі з мясцовымі жыхарамі неахвотна, але ўсё-такі прызналіся, што яны з Расеі. Якім чынам калона тэхнікі змагла прарвацца праз лінію атачэння, улічваючы, што Луганск заблакаваны колам блокпастоў і апорных пунктаў украінскіх урадавых сіл, пакуль няясна, напісаў Дзмітрый Тымчук у Facebook.
Камандуючы спецыяльнай аперацыяй у Луганскай вобласці Ігар Варончанка пацвердзіў тэлеканалу звесткі пра тое, што тры дні таму расейскія вайскоўцы перасеклі ўкраінскую мяжу.
Міністэрства абароны Расеі пакуль не пракаментавала заявы пра з’яўленне расейскай вайсковай калоны ў Луганску. Раней Масква неаднаразова адмаўляла, што сепаратысты на ўсходзе Украіны атрымліваюць ваенную дапамогу з Расеі. У той жа час жыхары Луганска паведамілі ўкраінскай службе «ВВС», што ў горад увайшлі вайскоўцы ўкраінскай арміі.
Беларускае Радыё Рацыя
