У Мадрыдзе адкрыюць пасольства Беларусі



31 траўня адбудзецца адкрыццё пасольства Беларусі ў Іспаніі. Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, удзел у цырымоніі возьме намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, які знаходзіцца ў Мадрыдзе з двухдзённым рабочым візітам.

30 траўня Краўчанка правёў шэраг сустрэч. Адбыліся яго перамовы з дырэктарам цэнтра палітычных і канстытуцыйных даследаванняў Бенігнам Пендасам Гарсіям. Бакі абмеркавалі развіццё беларуска-іспанскіх і беларуска-еўрапейскіх адносін, пытанні міжнароднай палітыкі, уключаючы глабальную і рэгіянальную бяспеку.

На сустрэчы з генеральным дырэктарам па міжнародным гандлі і інвестыцыях Міністэрства эканомікі, прамысловасці і канкурэнтаздольнасці Хасэ Луісам Кайзерам Марэйрасам быў абмеркаваны актуальны стан і перспектывы нарошчвання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іспаніяй. Як паведамляе прэс-служба, бакі „зверылі гадзіннікі” адносна рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых паводле вынікаў праведзенага ў кастрычніку 2017 года ў Менску першага пасяджэння сумеснай беларуска-іспанскай міжурадавай камісіі па эканамічным і прамысловым супрацоўніцтве. Адбыўся абмен думкамі па актуальных пытаннях беларуска-іспанскага ўзаемадзеяння.

Краўчанка таксама сустрэўся са старшынёй камісіі па міжнародных справах Кангрэса дэпутатаў Іспаніі Пілар Роха Нагерай і абмеркаваў беларуска-іспанскае супрацоўніцтва, уключаючы тэматыку міжпарламенцкага ўзаемадзеяння.

На 31 траўня запланаваны ўдзел Краўчанкі ў чарговым раўндзе беларуска-іспанскіх кансультацый паміж МЗС.

belapan.by