У Маскве развітваюцца з Валерыяй Навадворскай



У Маскве развітваюцца з палітыкам, праваабаронцай, публіцыстам Валерыяй Навадворскай. Яе сыход — гэта вялікая страта для прыхільнікаў дэмакратыі ў Расеі і Беларусі, – кажа старшыня Руху „За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

Ён адзначае, што Валерыя Навадворская была выбітным чалавекам, вельмі мудрым, аўтарытэтным,  і смелым:

– Я думаю, што расейскім дэмакратам будзе яе надзвычай не хапаць. Шкада, што адыйшла жанчына, якая, нягледзячы на аўтарытарызм жорсткі ў Расеі заўсёды была голасам праўды. І для Беларусі яе не будзе хапаць, бо чалавек гэты быў гонарам і нашай краіны, бо карані яе адсюль. Такіх людзей не хапае ва ўсіх краінах – і дэмакратычных і недэмакратычных – такіх выдатных людзей, якія, як Дон Кіхоты змагаюцца, нягледзячы на тое, што поспех так далёкі…. Таму вечная памяць гэтаму чалавеку.

Валерыя Навадворская нарадзілася 17-га траўня 1950 году ў Баранавічах і некалькі гадоў пражыла ў гэтым горадзе. Паводле яе, гэта былі самыя шчаслівыя гады ў яе жыцці. У часы Савецкага Саюзу яна неаднаразова падвяргалася жорсткім рэпрэсіям.

Памерла 12 ліпеня 2014 году у Маскве, як паведамляецца, ад інфекцыйна-таксічнага шоку.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя