У Менск з’ехаліся камуністы з 17 краін



У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, над якім лунае сцяг СССР, адбыўся Пленум Цэнтральнага савета Саюза камуністычных партый. Саліраваў галоўны камуніст Расеі Генадзь Зюганаў.

Прамовы арыгінальнасцю не вызначаліся. Тэзісна: у 20-м стагоддзі два сістэмныя крызісы капіталізму прывялі да двух сусветных войнаў. З першага крызісу планету выцягваў Вялікі Кастрычнік, з другога – перамога ў траўні 45-га. Але менавіта Вялікі Кастрычнік стварыў перадумовы для перамогі над фашызмам, дасягненні ракетна-ядзернага парытэту і прарыву ў космас. Сёння свет зноў ліхаманіць. Натаўскія орды ўжо накочваюцца на тыя тэрыторыі, якія вызваляла Чырвоная Армія. І толькі абноўлены сацыялізм, згуртаванасць і сяброўства народаў здольныя выцягнуць планету з чарговай катастрофы.

Прывітанне ўдзельнікам з’езда накіраваў Аляксандр Лукашэнка. Яго зачытваў у нядаўнім мінулым — галоўны камуніст Беларусі Ігар Карпенка.

У год 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі камуністы абвясцілі найбуйнейшы агляд камуністычных сіл. Асноўныя мерапрыемствы, як было абвешчана, адбудуцца ў Санкт-Пецярбургу і Маскве. Завяршыўся пленум калектыўным выкананнем „Інтэрнацыяналу”.

Фота belta.by